У Оршы ліквідуюць грэка-каталіцкую парафію Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы. Адпаведнае рашэнне прыняў Віцебскі абласны суд, а працэдура ліквідацыі пачалася 1 ліпеня.
Як паведамляе партал katolik.life, звесткі пацверджаны дзяржаўным рэестрам юрыдычных асоб. Парафія не мела ўласнага храма, таму вернікі збіраліся ў мясцовым каталіцкім касцёле.
Пасля абавязковай перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый у Беларусі засталося толькі 12 грэка-каталіцкіх парафій. Чатыры дзейнічаюць у Мінску, дзве ў Віцебску, астатнія шэсць — у іншых гарадах Беларусі.
Перарэгістрацыя праходзіла з ліпеня 2024-га да ліпеня 2025 года. Паводле ініцыятывы «Хрысціянская візія», колькасць зарэгістраваных рэлігійных арганізацый скарацілася з 3592 да 3426.
Ініцыятыва адзначала, што асабліва пацярпела Беларуская грэка-каталіцкая царква, якая не змагла захаваць дастатковую колькасць парафій для стварэння рэлігійнага аб'яднання.
эж