Беларускі вытворца калійных угнаенняў «Беларуськалій» прапанаваў перанесці арбітражны працэс супраць Літвы ў нейтральную краіну, не звязаную з Еўрасаюзам, які працягвае накладаць санкцыі на Рэспубліку Беларусь, паведамляе «Свабода».
Першапачаткова «Беларуськалій» настойваў на разглядзе свайго пазову ў Пастаянным арбітражным судзе ў Швейцарыі (Permanent Court of Arbitration, PCA), але пасля далучэння краіны да санкцыяў ЕС яна, паводле «Беларуськалію», перастала быць нейтральнай.
Сярод патэнцыйных месцаў беларускі пазоўнік называў як «найбольш прыдатныя варыянты нейтральных месцаў» Дубайскі міжнародны фінансавы цэнтр (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) або Сінгапур. Адначасова «Беларуськалій» гатовы быў пагадзіцца на іншае месца па-за межамі Еўрасаюза, але «на дастатковай адлегласці ад сістэмы санкцыяў ЕС».
Літва выступіла супраць такога пераносу. У сваім адказе Вільня адзначыла, што змена месца арбітражу магчымая толькі ў выключных абставінах — калі «разгляд справы ў першапачаткова вызначаным месцы становіцца немагчымым». Літоўскі бок таксама звярнуў увагу, што Беларусь прапанавала Швейцарыю як месца для арбітражу ўжо пасля таго, як тая далучылася да санкцыяў ЕС.
Аднак арбітраж не прызнаў юрыдычна абгрунтаванымі аргументы беларускага боку і адмовіў у задавальненні такой заявы.
Нагадаем, што за спыненне транзіту ўгнаенняў «Беларуськалій» хоча спагнаць з Літвы амаль 12 мільярдаў 90 мільёнаў 168 тысяч долараў у якасці кампенсацыі нанесенай шкоды.
На пачатку 2025 года стала вядома, што ў міжнародны арбітраж супраць Літвы па кампенсацыю шкоды, нанесенай у выніку санкцыяў супраць прадпрыемства «Беларуськалій», звярнулася кампанія «Hasenberg», часткаю акцыяў якой валодае грамадзянін Літвы Ігар Удавіцкі. Кампанія ацаніла свае страты ў 15 мільярдаў еўра, якія патрабуе ад літоўскага ўраду ў судзе.
аз