Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусь на трэцім месцы ў ЕАЭС па пакрыцці знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі

27.10.2026 15:01
Высокае пакрыццё знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі забяспечана толькі ў Расіі (233,1%).
Долары ЗШАpixabay.com/CC0 Public Domain

Знешні доўг у Еўразійскім эканамічным саюзе «на сумарнай аснове» павялічыўся за год на 3 млрд 173,2 млн долараў (+0,6%), паведамляе Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК).

На 1 ліпеня 2026 года агульная запазычанасць склала 568 млрд 30,3 млн долараў (на аналагічную дату 2025-га — 564 млрд 857,1 млн):

Арменія — 20 млрд 959,4 млн (17 млрд 841,8 млн; +17,5%);
Беларусь — 35 млрд 755 млн (37 млрд 709,1 млн; -5,2%);
Казахстан — 187 млрд 871,1 млн (172 млрд 509,6 млн; +8,9%);
Кыргызстан — 14 млрд 430,5 млн (12 млрд 746,4 млн; +13,2%);
Расія — 309 млрд 14,4 млн (324 млрд 50,2 млн; -4,6%).

— Ва ўсіх дзяржавах — членах ЕАЭС доўгатэрміновы знешні доўг пераважае — яго доля знаходзіцца ў межах паміж 53 і 88%», — адзначае Еўразійская эканамічная камісія, якую цытуе «Позірк».

Аднак структура знешняга доўгу адрознівалася ў паасобных дзяржавах — членах. Па стане на 1 ліпеня 2026 года ў Арменіі, Беларусі і Кыргызстане пераважаў доўг органаў дзяржаўнага кіравання, у Казахстане — доўг па прамых інвестыцыях (міжфірменным крэдытаванні), у Расіі — доўг іншых сектараў.

Высокае пакрыццё знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі забяспечана толькі ў Расіі (233,1%). У іншых краінах гэты паказчык складаў: у Арменіі — 28,1%, Беларусі — 39,6%, Казахстане — 32,9%, Кыргызстане — 54,4%. На 1 ліпеня ў параўнанні з адпаведнай датай мінулага года забяспечанасць знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі павысілася ва ўсіх дзяржавах—членах ЕАЭС.

Валавы знешні доўг — нявыплачаная сума абавязацельстваў перад нерэзідэнтамі, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і (або) працэнтаў.

У адрозненне ад знешняга дзярждоўгу, які ўлічвае толькі абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі, валавы знешні доўг ахоплівае абавязацельствы ўсіх рэзідэнтаў, падзеленых на чатыры сектары эканомікі: органы дзяржкіравання, органы грашова-крэдытнага рэгулявання, банкі (дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем Нацбанка), іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы.

аз