Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі карціну знакамітага прадстаўніка Парыжскай школы мастацтва — Міхаіла Кікоіна (1892 год Гомель — 1968 год Парыж), які паходзіў з Гомеля.
Карціна носіць назву «Партрэт жанчыны», датуецца 1918–1920 гадамі. Яна выканана ў тэхніцы алейнага жывапісу на дошцы. Яна мае авальную форму і падпісаная аўтарам.
Гэта ранні парыжскі перыяд творчасці мастака, калі ён яшчэ жыў у інтэрнаце бедных мастакоў «La Ruche» і толькі пачынаў набываць прызнанне.
Твор Кікоіна быў набыты на сродкі Паўла Данэйкі, Івана Шылы, а таксама мецэнаткі, якая пажадала застацца неназванай.
7 лістапада карціну можна будзе пабачыць на канферэнцыі TEDxUlicaMińskaWomen у Варшаве.
У будучыні набыты ініцыятывай твор плануецца перадаць у Музей гісторыі Гомеля ў якасці грамадскага падарунка. У гомельскіх музеях няма жывапісных твораў Кікоіна.
Працы Міхаіла Кікоіна захоўваюцца ў прыватных і музейных зборах у Францыі, ЗША, Японіі, Ізраілі ды іншых краінах свету. У Беларусі яны ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі і ў карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка».
аз