Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў пастанавіў аштрафаваць Фінляндыю за паводзіны заўзятараў на матчы Лігі нацыяў з камандаю Беларусі. Прычынай стаў банэр з вусатым прусаком і тое, што гледачы асвісталі беларускі дзяржаўны гімн, паведамляе «Белсат».
Банэр з вусатым прусаком, якога атакаваў пугач (сімвал і талісман фінскай зборнай па футболе), і надпісам «Твой дзень настане» дысцыплінарны орган УЕФА расцаніў як «перадаванне паведамлення, што не адпавядае духу спартовай імпрэзы». Імаверна, такім жа парушэннем палічылі крычалку «Пуцін — х...!» За гэта фінскую футбольную асацыяцыю аштрафавалі на € 20 тыс.
Яшчэ € 10 тыс. штрафу выпісалі за «парушэнне парадку падчас выканання дзяржаўных гімнаў». Заўзятары асвісталі афіцыйны гімн Беларусі.
Гэта ўсё адбылося 29 верасня на матчы Лігі нацыяў у Хельсінкі. Гульня скончылася з лікам 0:0.
Перформанс не спадабаўся Беларускай федэрацыі футболу, якая паскардзілася ва УЕФА.
Перад гэтым матчам Федэрацыя футболу Фінляндыі абвясціла, што ўвесь даход ад продажу білетаў на стадыён пойдзе на дапамогу Украіне, а размінку фінскія спартоўцы правялі ў футболках з надпісам «Мы выступаем за мір».
аз