29 кастрычніка ў Беларускім доме ў Варшаве прайшла прэзентацыя другога нумара навуковага часопіса Free Belarus Journal — «What Constitution for a New Belarus» («Якая Канстытуцыя патрэбная новай Беларусі?»).
Новы выпуск прысвечаны аднаму з найважнейшых пытанняў будучыні краіны — канстытуцыйнаму ладу і прынцыпам, на якіх павінна будавацца новая беларуская дзяржава, каб гарантаваць падзел уладаў, абарону правоў чалавека і не дапусціць аўтарытарызму.
Галоўны рэдактал часопіса Марыюш Машкевіч зазначыў, што выданне разлічана да еўрапейскага чытача.
— Галоўная мэта — зрабіць дыскусіі, якія закранаюць асноўныя, фундаментальныя пытанні для беларусаў, даступнымі на англійскай мове. Мы публікуем тэксты, напісаныя беларусамі, у супрацы з беларусамі, для распаўсюджвання сярод больш шырокай аўдыторыі за межамі Беларусі. Выданне адрасаванае шырокаму еўрапейскаму чытачу.
Другі нумар быў падрыхтаваны Free Belarus Journal у супрацы з каналам Nexta і Вольным Беларускім Універсытэтам, распавяла канцлер ВБЎ Іна Кулей.
— Вольны Беларускі Ўніверсытэт разам з Free Belarus Journal і з Nexta разам працавалі, каб выпусціць другі нумар гэтага часопіса. У дадатак былі зробленыя інтэрвʼю для Youtube з навукоўцамі, аўтарамі, якія выступілі ў гэтым нумары са сваімі артыкуламі. Калісьці Free Belarus Journal быў задуманы Аляксандрам Мілінкевічам разам з амбасадарам Марыюшам Машкевічам. Гэта проста цудоўная ідэя, таму што гэта запрашэнне да дыялогу, запрашэнне да мыслення пра тую Беларусь, якую мы хочам бачыць, да якой імкнёмся.
Free Belarus Journal — навукова-аналітычны праект Вольнага беларускага ўніверсітэта, які аб’ядноўвае беларускіх і замежных даследчыкаў для асэнсавання сучасных выклікаў і пошуку шляхоў дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
Крыніца: ВБЎ - Вольны Беларускі Ўніверсітэт/юл