Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Якой павінна быць Канстытуцыя дэмакратычнай Беларусі?

30.10.2026 10:02
У Варшаве адбылася прэзентацыя новага нумару навуковага часопіса Free Belarus Journal.
   Free Belarus Journal
Прэзентацыя навуковага часопіса Free Belarus JournalPolskie Radio dla Zagranicy/Y.Likhtarovich

29 кастрычніка ў Беларускім доме ў Варшаве прайшла прэзентацыя другога нумара навуковага часопіса Free Belarus Journal — «What Constitution for a New Belarus» («Якая Канстытуцыя патрэбная новай Беларусі?»). 

Новы выпуск прысвечаны аднаму з найважнейшых пытанняў будучыні краіны — канстытуцыйнаму ладу і прынцыпам, на якіх павінна будавацца новая беларуская дзяржава, каб гарантаваць падзел уладаў, абарону правоў чалавека і не дапусціць  аўтарытарызму.

Галоўны рэдактал часопіса Марыюш Машкевіч зазначыў, што выданне разлічана да еўрапейскага чытача.

— Галоўная мэта — зрабіць дыскусіі, якія закранаюць асноўныя, фундаментальныя пытанні для беларусаў, даступнымі на англійскай мове. Мы публікуем тэксты, напісаныя беларусамі, у супрацы з беларусамі, для распаўсюджвання сярод больш шырокай аўдыторыі за межамі Беларусі. Выданне адрасаванае шырокаму еўрапейскаму чытачу.

Другі нумар быў падрыхтаваны Free Belarus Journal у супрацы з каналам Nexta і Вольным Беларускім Універсытэтам, распавяла канцлер ВБЎ Іна Кулей. 

— Вольны Беларускі Ўніверсытэт разам з Free Belarus Journal і з Nexta разам працавалі, каб выпусціць другі нумар гэтага часопіса. У дадатак былі зробленыя інтэрвʼю для Youtube з навукоўцамі, аўтарамі, якія выступілі ў гэтым нумары са сваімі артыкуламі. Калісьці Free Belarus Journal быў задуманы Аляксандрам Мілінкевічам разам з амбасадарам Марыюшам Машкевічам. Гэта проста цудоўная ідэя, таму што гэта запрашэнне да дыялогу, запрашэнне да мыслення пра тую Беларусь, якую мы хочам бачыць, да якой імкнёмся.

Free Belarus Journal — навукова-аналітычны праект Вольнага беларускага ўніверсітэта, які аб’ядноўвае беларускіх і замежных даследчыкаў для асэнсавання сучасных выклікаў і пошуку шляхоў дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Крыніца: ВБЎ - Вольны Беларускі Ўніверсітэт/юл