Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Беларусі хочуць перанесці тэрміны падачы дэкларацый і выплаты падаткаў

30.10.2026 13:00
Падатковым органам плануюць прадаставіць дадатковыя правы для правядзення падатковага кантролю.
КалькулятарPhoto: stevepb /pixabay.com/CC0 Public Domain

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні праект закона аб змяненні Падатковага кодэкса ў 2027 годзе. Сярод прапаноў — перанесці тэрміны падачы падатковых дэкларацый і выплаты падаходнага падатку, пашырыць спіс даходаў, якія абкладаюцца па павышаных стаўках, і павялічыць акцызы на некаторыя тавары, паведамляе onliner.by.

Для фізічных асоб прапануюць перанесці тэрміны, звязаныя з падаходным падаткам. Калі зараз дэкларацыю трэба падаць да 31 сакавіка, то паводле новых правілах тэрмін хочуць падоўжыць да 30 красавіка.

Таксама прапануюць змяніць тэрміны ўручэння паведамленняў і выплаты падатку: паведамленні будуць уручаць не да 30 красавіка, а да 15 чэрвеня; заплаціць падатак можна будзе не да 1 чэрвеня, а да 1 жніўня.

Зменяцца і тэрміны падачы дэкларацый па падаходным падатку для падатковых агентаў. Замест 20-га чысла месяца пасля справаздачнага квартала іх прапануюць падаваць да 10-га чысла другога месяца пасля квартала.

Праект прадугледжвае павелічэнне ставак акцызаў практычна па ўсіх групах падакцызных тавараў, у тым ліку на тытунёвую прадукцыю. Для прэміяльнай алкагольнай прадукцыі прапануюць увесці асобную катэгорыю і ўстанавіць акцызы ў паўтара раза вышэйшыя за дзеючыя.

Таксама плануюць праіндэксаваць стаўкі зямельнага і экалагічнага падаткаў, транспартнага падатку, падатку на ігральны бізнес, падатку на валоданне сабакамі і іншых плацяжоў.

У праекце прапануюць пашырыць катэгорыю маладых спецыялістаў, якія змогуць атрымліваць стандартны падатковы вылік. Акрамя таго, хочуць пашырыць спіс даходаў, якія абкладаюцца падаходным падаткам па павышаных стаўках, – 25% і 30%.

Падатковым органам плануюць прадаставіць дадатковыя правы для правядзення падатковага кантролю. Паводле ацэнкі распрацоўшчыкаў праекта закона, падатковая нагрузка ў 2027 годзе не перасягне 26 працэнтаў ВУП.

аз