Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Алег Мацкевіч пра новую справаздачу МАП па Беларусі: Урад падмяняе выкананне абавязацельстваў спрэчкай

30.10.2026 15:03
Міжнародная арганізацыя працы адзначыла, што яе заклікі ў чарговы раз засталіся без належнай рэакцыі з боку ўлад Беларусі.
Міжнародная арганізацыя працы spring96.org

26 кастрычніка Міжнародная арганізацыя працы апублікавала новую справаздачу пра выкананне Беларуссю міжнародных абавязацельстваў у сферы свабоды прафсаюзаў і правоў работнікаў. Дакумент падрыхтаваны да разгляду на сесіі Кіраўнічага органа МАП, якая пройдзе 9–19 лістапада, паведамляе «Вясна».

У справаздачы адлюстраваныя ацэнкі МАП, пазіцыя беларускіх уладаў, а таксама паведамленні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, прафсаюзных арганізацый іншых краін адносна выканання ранейшых рэкамендацый Камісіі па расследаванні.

Міжнародная арганізацыя працы адзначыла, што яе заклікі ў чарговы раз засталіся без належнай рэакцыі з боку ўлад Беларусі, не прадстаўленыя новыя звесткі пра меры па выкананні рэкамендацый. Да таго ж улады Беларусі адмовіліся прыняць дзве прапанаваныя місіі: міжнародную гуманітарную — каб незалежныя медыкі маглі наведаць зняволеных прафсаюзных дзеячаў і ацаніць стан іх здароўя, і трохбаковую місію МАП па ацэнцы сітуацыі ў краіне.

Асобны раздзел справаздачы прысвечаны паведамленням пра ціск на незалежныя прафсаюзы і работнікаў. У ім Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў апісваюць пераслед прафсаюзных дзеячаў, палітычныя праверкі на прадпрыемствах, звальненні і магчымыя практыкі прымусу.

Урад адмаўляецца супрацоўнічаць са спецыяльным пасланнікам МАП па Беларусі і не лічыць абавязковымі рэкамендацыі, якія называе палітычна матываванымі.

Асобна ў дакуменце прыведзеная пазіцыя Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў адносна выканання Беларуссю Канвенцыі МАП №29 аб прымусовай працы і Канвенцыі №105 аб яе скасаванні.

Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў мяркуе, што прафсаюзных дзеячаў, зняволеных у Беларусі, прымушаюць працаваць за кратамі насуперак нормам Канвенцыі. Прафсаюзная канфедэрацыя патрабуе ад уладаў Беларусі спыніць выкарыстанне прымусовай працы як пакарання за мірнае выказванне палітычных ці іншых поглядаў.

У справаздачы адзначаецца, што БКДП перадаў у МАП звесткі пра палітычныя праверкі, допыты і звальненні работнікаў на дзяржаўных прадпрыемствах.

— Падстаў гаварыць пра «прарыў» у стасунках паміж МАП і беларускімі ўладамі гэты дакумент не дае. На маю думку, урад зноў падмяняе размову пра выкананне абавязацельстваў спрэчкай пра палітычныя матывы тых, хто патрабуе іх выконваць. Логіка гэтай рыторыкі зручная для ўлады: праблемай абвяшчаюцца не парушэнні, а міжнародная ўвага да іх, — пракаментараваў сітуацыю праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч.

аз