Аляксандр Буглай прызнаны вінаватым у генацыдзе беларускага народа паводле арт. 127 Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-службу Вярхоўнага суда ад 30 кастрычніка.
Суд устанавіў «больш за 33 эпізоды» злачыннай дзейнасці Буглая, у тым ліку наўмыснае пазбаўленне жыцця не менш за 174 чалавекаў, уключаючы не менш за 27 дзяцей і заведама састарэлых, а таксама знішчэнне вёсак у Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях.
Суд прызнаў даказаным, што Буглай здзейсніў злачынства. Паколькі абвінавачаны памёр (у 1990 годзе), суд вынес прысуд без прызначэння пакарання ў адпаведнасці з ч. 3 арт. 468-24 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Прысуд можа быць абскарджаны або апратэставаны ў апеляцыйнай інстанцыі Вярхоўнага суда на працягу 10 сутак з дня абвяшчэння.
Аляксандр Буглай нарадзіўся ў 1910 годзе ў Нясвіжскім раёне (Мінская вобласць), пасля вайны пазбег пакарання, эміграваўшы ў ЗША. Яго справа стала восьмай справай аб «генацыдзе беларускага народа». Яна была накіраваная ў Вярхоўны суд 22 ліпеня, разглядалася там з пачатку верасня.
аз