Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Беларусі бюджэтнікам з нізкааплатных катэгорыяў павысяць заробкі

30.10.2026 17:01
Ім таксама абяцаюць болей выдаткаваць на пенсіі, гэта прадугледжвае праект рэспубліканскага бюджэту.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

У 2027 годзе работнікам нізкааплатных катэгорыяў бюджэтнай сферы плануюць падняць заробкі, гэта прадугледжвае праект рэспубліканскага бюджэту, які прынялі дэпутаты.Таксама абяцаюць павялічыць выдаткі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на выплату пенсій, паведамляе «Белсат».

Базавыя прыярытэты беларускага бюджэту на 2027 год застаюцца нязменнымі: сацыяльная сфера, аплата працы і ключавыя кірункі праграмы дзейнасці ўраду і праграмы пяцігодкі, заявіў міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч, які прэзентаваў дэпутатам праект рэспубліканскага бюджэту.

Паводле яго, плануецца падвышэнне заробкаў некаторым катэгорыям бюджэтнікаў — за кошт павелічэння стымулявальных надбавак у сярэднім на 50–70 рублёў на работніка за месяц, перадае дзяржаўная агецтва БелТА.

— На павелічэнне аплаты працы нізкааплатнай катэгорыі работнікаў у праекце бюджэту дадаткова прадугледжана каля 160 мільёнаў рублёў, — заявіў міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч.

Гаворка пра выхавальнікаў і памочнікаў выхавальнікаў, санітарак, работнікаў іншых такіх катэгорый, дадаў міністр.

У структуры расходаў рэспубліканскага бюджэту, удакладняецца, сацыяльны блок прырастае 1,2 млрд. рублёў і складзе 12 млрд. руьлёў.

Таксама ў 2027 годзе чакаецца павелічэнне расходаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на пенсіі, адзначыў міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.

— Выдаткі бюджэту фонду плануюцца на 42,3 мільярда рублёў, што на 4,6 мільярда больш, чым у 2026 годзе. Пры гэтым выдаткі на пенсіі складуць крыху больш за 80 % усіх расходаў бюджэту фонду — гэта больш за 34 мільярды рублёў з ростам на 3,8 мільярда больш за чаканы ўзровень, — сказаў чыноўнік.

Паводле Лабовіча, у бюджэце фонду на 2027 год закладзены рост сярэдняга памеру пенсіі прыкладна на 10 %.

аз