Дэлегацыя дэмакратычных сіл упершыню ўзяла ўдзел у сесіі Паўночнага савета ў Хельсінкі ў статусе міжнародных гасцей. Яе ўзначаліла намесніца дырэктара Офіса Святланы Ціханоўскай Станіслава Гліннік.
Як паведамляе прэс-служба дэмакратычнай лідаркі Беларусі, у склад дэлегацыі таксама ўвайшлі Павел Баркоўскі ад Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Леў Львоўскі ад грамадзянскай супольнасці, прадстаўнік платформы палітычных партый, Маргарыта Ворыхава ад Каардынацыйнай Рады.
У сваім выступе Станіслава Гліннік нагадала пра палітвязняў, рэпрэсіі, пагрозы незалежнасці з боку Расіі і асобна падзякавала за падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду.
— У Еўропе не можа быць трывалай бяспекі без дэмакратычнай Беларусі. Беларусь таксама не можа стаць суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусы павінны мець права вырашаць будучыню сваёй краіны. Вось чаму наша прысутнасць тут важная. Наша дэлегацыя прадстаўляе ўсе ключавыя часткі беларускага дэмакратычнага руху. І адгэтуль мы імкнемся зрабіць нашае супрацоўніцтва з Паўночным саветам рэгулярным і змястоўным, — заявіла Станіслава Гліннік падчас свайго выступу.
Удзел беларускай дэлегацыі арганізаваны пры садзейнічанні Офіса Рады міністраў Паўночных краін у Літве. Падчас сесіі беларускія прадстаўнікі мелі магчымасць абмеркаваць з парламентарыямі паўночных краін сітуацыю ў Беларусі і далейшае супрацоўніцтва.
аз