Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У ЗША на год турмы асудзілі грамадзянку Беларусі за незаконны экспарт авіякампанентаў у Расію

02.11.2026 11:09
Пасля адбыцця пакарання яе дэпартуюць у Беларусь.
.
.Photo: ErikaWittlieb/CC0 Public Domain/pixabay.com

Суд у ЗША асудзіў 34-гадовую грамадзянку Беларусі Яну Лявонаву, якая апошнім часам пражывала ў Расіі, на 12 месяцаў і адзін дзень пазбаўлення волі ў федэральнай турме.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі ЗША, яе прызналі вінаватай у незаконным вывазе з ЗША ў Расію вялікай колькасці авіяцыйнай электронікі і іншага авіяцыйнага абсталявання.

— У той час як Расія вяла вайну супраць Украіны, Яна Лявона займалася кантрабандным вывазам авіяцыйных кампанентаў амерыканскай вытворчасці для кампаніі, якая знаходзіцца ў «чорным спісе» урада ЗША. Яна выкарыстоўвала фіктыўныя кампаніі, падробленыя дакументы, замежных пасярэднікаў і банкаўскія рахункі за мяжой, каб схаваць незаконны экспарт і абысці санкцыі ЗША, — заявіла пракурор ЗША Жанін Піро.

Пракурор падкрэсліла, што «кожны, хто спрабуе выкарыстаць амерыканскія ланцужкі паставак для падтрымкі варожых рэжымаў і падрыву нацыянальнай бяспекі ЗША, павінен ведаць: мы знойдзем вас, будзем пераследваць праз межы і прыцягнем да адказнасці».

— Тыя, хто спрабуе схавацца за фіктыўнымі кампаніямі, падробленымі дакументамі ці іншымі спосабамі абыходу правілаў, каб перадаць нашым праціўнікам абмежаваныя ў абароце амерыканскія тавары і тэхналогіі, павінны разумець: іх дзеянні будуць выкрытыя. Гэтая справа сведчыць пра старанную працу нашых агентаў і партнёраў па выяўленні і спыненні дзейнасці тых, хто імкнецца падарваць бяспеку нашай краіны, а таксама па прыцягненні іх да адказнасці, — заявіў спецыяльны агент ФБР Крыс Ормерод.

Свабода/ав