Генеральны сакратар Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) Ферыдун Сінірліоглу прыбыў у Мінск упершыню за сем гадоў пасля апошняга візіту кіраўніка арганізацыі. Дыпламат сустрэўся з дыктатарам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і ўзяў удзел у міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. Як паведамляе «Радыё Свабода», у форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі больш як 40 дзяржаў і міжнародных арганізацый.
На сустрэчы Сінірліоглу адзначыў ролю Беларусі ў арганізацыі абменаў ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, а таксама папярэдзіў пра небяспеку прывыкання свету да войнаў і ўзброеных канфліктаў.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вайна ва Украіне можа скончыцца ў найбліжэйшыя месяцы, бо, на яго думку, бакі вычарпалі рэсурсы. Дыктатар прапанаваў праводзіць мірныя перамовы ў Мінску з удзелам Беларусі.
Адначасова Лукашэнка раскрытыкаваў ААН і АБСЕ за няздольнасць спыняць войны, а адказнасць за працяг баявых дзеянняў усклаў у тым ліку на еўрапейскія краіны. Пры гэтым узурпатар не згадаў, што ў 2022 годзе Беларусь прадставіла расійскім войскам сваю тэрыторыю для ўварвання ва Украіну і ракетных абстрэлаў. За падтрымку расійскай агрэсіі Беларусь застаецца пад заходнімі санкцыямі.
Папярэдні візіт генеральнага сакратара АБСЕ ў Мінск адбыўся ў 2019 годзе. Цяперашні кіраўнік арганізацыі, турэцкі дыпламат Ферыдун Сінірліоглу, таксама вылучаны Турцыяй на пасаду генеральнага сакратара ААН.
эж