Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Канада не дазволіць хакеістам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у моладзевым чэмпіянаце свету

04.11.2026 08:45
Спартовы арбітражны суд дазволіў спартоўцам з Расіі ўдзельнічаць у спаборніцтвах, што праводзяцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі хакею.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. soerli/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прэм’ер-міністр Канады Марк Карні заявіў, што хакейныя моладзевыя зборныя з Беларусі і Расіі не змогуць удзельнічаць у чэмпіянаце свету, што будзе праходзіць у наступным месяцы ў правінцыі Альберта ў Канадзе, паведамляе «Свабода».

- Пакуль Расія і Беларусь падтрымліваюць гэтую незаконную, неапраўданую і жахлівую вайну ва Украіне – пакуль гэта працягваецца, – ніводны спартовец з гэтых краін не будзе выступаць у Канадзе, – працытавала Марка Карні агенцтва Reuters. - Таму, калі вы пытаецеся канкрэтна пра моладзевы чэмпіянат свету, то расіян там не будзе, – заявіў прэм’ер Канады.

Спартовы арбітражны суд на мінулым тыдні дазволіў спартоўцам з Расіі ўдзельнічаць у спаборніцтвах, што праводзяцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі хакею.
Канада, якая з’яўляецца адным з асноўных міжнародных хаўруснікаў Украіны ў вайне супраць Расіі, асудзіла гэтае рашэнне.

Трэцяга лістапада нацыянальныя федэрацыі хакею Нарвегіі, Даніі, Швецыі і Чэхіі заявілі, што адмовяцца гуляць супраць Расіі на мужчынскім чэмпіянаце свету па хакеі, які ў наступным годзе будзе праходзіць у Германіі.

Моладзевы чэмпіянат свету ў Канадзе адбудзецца сёлета з канца снежня да пачатку студзеня.

Сёлета ў ліпені Міжнародная федэрацыя хакею (IIHF) ухваліла рашэнне і надалей не дапускаць зборных Беларусі і Расіі да ўдзелу ў турнірах, у тым ліку ў мужчынскім чэмпіянаце свету 2027 года і моладзевым чэмпіянаце свету 2027 года.

Расія гэтае рашэнне паспяхова абскардзіла ў арбітражы.

Для Беларусі гэтае абмежаванне пакуль дзейнічае і яно азначае, што беларуская зборная не будзе ўдзельнічаць у падзеях Міжнароднай федэрацыі хакею ў сезоне 2026–2027 гадоў, у тым ліку ў чэмпіянаце свету сярод мужчын, чэмпіянаце свету сярод юніёраў і чэмпіянаце свету сярод мужчын і жанчын да 18 гадоў.

Беларусь таксама засталася за бортам хакейных турніраў, хоць федэрацыя раней выказвалася аб планах рэінтэграваць краіну ў некаторыя спаборніцтвы ніжэйшага ўзроўню, у тым ліку ў спаборніцтвы сярод мужчын і жанчын да 18 гадоў і чэмпіянат свету сярод жанчын у IV дывізіёне.

аз