Грамадзяне Беларусі змогуць падаваць заявы на атрыманне шэнгенскіх віз для наведвання блізкіх сваякоў, якія жывуць у Чэхіі. Пра гэта паведаміла пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Мінску.
Права падаваць заявы атрымаюць беларусы, чые дзеці, унукі, бацькі, бабулі або дзядулі з'яўляюцца грамадзянамі Чэхіі альбо грамадзянамі Беларусі, якія легальна пражываюць у гэтай краіне на падставе доўгатэрміновай візы ці дазволу на доўгатэрміновае або пастаяннае пражыванне.
Пры гэтым новыя правілы не распаўсюджваюцца на братоў, сясцёр, дзядзькаў, цётак і стрыечных сваякоў.
З 10 лістапада пасольства Чэхіі ў Мінску пачне прымаць электронныя заяўкі на прызначэнне даты падачы дакументаў. Іх неабходна накіроўваць на адрас Minsk.Visa\@mzv.gov.cz.
У лісце трэба пазначыць асабістыя і кантактныя дадзеныя заяўніка, нумар пашпарта, інфармацыю пра асобу, якая запрашае, а таксама мэту паездкі. Да ліста неабходна прыкласці копіі пашпарта, запрашэння, дакументаў, якія пацвярджаюць сваяцтва, і дакументаў аб грамадзянстве або праве на пражыванне сваяка ў Чэхіі.
Усе дакументы павінны быць у фармаце PDF або JPG. На аднаго заяўніка неабходна дасылаць асобны электронны ліст.
Пасольства паведаміць дату і час падачы дакументаў у электронным лісце ў адказ.
Новыя правілы сталі магчымымі дзякуючы папраўкам да ўрадавай пастановы, ухваленай 5 кастрычніка 2026 г.
яс