У Беларусі знайшліся новыя звесткі аб ліквідацыі лютэранскіх рэлігійных арганізацый. Раней гэта сцвярджалася на падставе звестак Адзінага дзяржаўнага рэгістра (АДР). Цяпер у базе Kartoteka.by, якая адсочвае інфармацыю з дзяржаўных крыніц, удалося выявіць звесткі аб ліквідацыі яшчэ васьмі абшчын у 2024–2025 гадах. У картках арганізацый гэтыя дадзеныя прыведзены з паметкай «МПЗ», пры гэтым у даступных звестках АДР інфармацыя аб іх ліквідацыі адсутнічае, паведамляе «Хрысціянская візія».
У прыватнасці, у Віцебскай вобласці ліквідаваны шэсць лютэранскіх абшчын. Чатыры з іх спынілі існаванне ў адзін дзень — 22 снежня 2025 года: Святых Пятра і Паўла і Святога Пятра ў Полацку, Уваскрасення Хрыстова ў Воршы і Яна Хрысціцеля ў вёсцы Мазалава Віцебскага раёна.
Яшчэ дзве абшчыны дзейнічалі ў Віцебску і насілі імя Марціна Лютэра, аднак мелі розныя рэгістрацыйныя нумары. Іх ліквідавалі 15 красавіка і 2 ліпеня 2024 года.
У Гомельскай вобласці выяўлены яшчэ два выпадкі ліквідацыі. Абшчына Святой Камуніі ў Хойніках была ліквідаваная 13 кастрычніка 2025 года, а евангелічна-лютэранская абшчына ў Гомелі — 31 снежня таго ж года.
Такім чынам, усяго выяўлена 13 лютэранскіх рэлігійных арганізацый, якія былі ліквідаваны або выключаны з рэгістра ў 2024-2026 гадах (2 аб'яднанні і 11 абшчын).
Восем абшчын значацца ліквідаванымі па дадзеных МПЗ, у дачыненні яшчэ да чатырох арганізацый прыняты рашэнні аб ліквідацыі ў 2026 годзе, а адна абшчына выключана з АДР у 2024 годзе.
На пачатак 2024 года ў Беларусі афіцыйна дзейнічалі 24 лютэранскія абшчыны. Цяпер выяўлены звесткі аб ліквідацыі або рашэннях аб ліквідацыі 10 абшчын, а таксама аб выключэнні яшчэ адной з АДР. Гэта адпавядае амаль палове колькасці лютэранскіх абшчын да пачатку абавязковай перарэгістрацыі.
аз