У Камітэце дзяржаўнага кантролю абмеркавалі праблему зніжэння долі продажу беларускіх тавараў у крамах. Галоўнымі вінаватымі прызналі прадпрыемствы гандлю і прыгразілі ім крымінальнымі справамі за «істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам», паведамляе «Белсат».
Улады планавалі, што да канца мінулага года доля айчынных тавараў у продажы вырасце да 63 %, а асобна харчовых — да 85 %.
— Гэтыя мэты не дасягнутыя, — канстатавалі на калегіі Камітэта дзяржкантролю.
Кантралёры абурыліся, што пагадненні паміж Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю і вытворцамі ды гандлёвымі сеткамі не працуюць. Акрамя таго, летась ніводны з найбуйнейшых рэтэйлераў «не выйшаў на вызначаны арыенцір» у долі продажу беларускіх тавараў. Уласна, прадпрыемствы гандлю прызналі галоўнымі вінаватымі ў тым, што людзі купляюць замала айчыннага.
Паводле КДК, прычына не ў тым, што беларускія тавары саступаюць у канкурэнцыі імпартным, а ў тым, што ў крамах, маўляў, прадстаўлены недастаткова шырокі асартымент айчыннай прадукцыі, яе размяшчаюць на ніжніх паліцах або ў нязручных для пакупнікоў месцах.
— Гандлёвыя сеткі ігнаруюць рэкамендацыі МАРГу наконт прыярытэтнай выкладкі айчыннай прадукцыі, — упэўненыя кантралёры.
Да таго ж шкодзяць маркетплэйсы, дзе амаль усё, што прадаецца, — імпартнае, а таксама крамы нізкіх цэнаў з імпартнымі таварамі, дзе падчас праверак выяўляюцца «шматлікія парушэнні». Там знаходзяць прадукцыю неналежнай якасці, без неабходных дакументаў і маркіравання.
— Стрымлівае рост продажаў і пасіўнасць самых вытворцаў у прасоўванні сваёй прадукцыі. Выяўляюцца факты невыканання заявак гандлёвых сетак, спыняецца выпуск запатрабаваных мадэляў, не вядзецца сістэмная маркетынгавая праца, недастаткова развітая супраца з дробнымі суб'ектамі гандлю, — лічаць у КДК.
У Камітэце дзяржкантролю запэўнілі, што «працягнуць выяўляць і спыняць злачынствы ў рознічным гандлі».
— Паводле кожнага факту прычынення істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам у сферы гандлю дзеянням усіх асобаў, якія дапусцілі такія парушэнні, будзе давацца прынцыповая ацэнка ў межах крымінальнага заканадаўства, — прыгразілі ў ведамстве.
аз