Ініцыятыва аднавіць транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз літоўскія парты выклікала рознагалоссі ў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Амерыканскі спецпасланнік Джон Коўл прасоўвае гэтую ідэю, аднак яна не мае шырокай падтрымкі ў Вашынгтоне.
Як паведамляе выданне Kyiv Independent са спасылкай на амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў, Коўл дзейнічае хутчэй самастойна, чым у межах узгодненай дзяржаўнай палітыкі. Літва таксама не збіраецца змяняць сваю пазіцыю і адкрываць парты для беларускага калію.
Раней беларускія ўгнаенні экспартаваліся праз літоўскі порт Клайпеда. Аднак пасля заходніх санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі Літва спыніла іх транзіт. Гэта пазбавіла Мінск важнага маршруту паставак на сусветныя рынкі.
Джон Коўл стаў адным з галоўных удзельнікаў перамоў Вашынгтона з Лукашэнкам. Пасля сустрэч з амерыканцам беларускія ўлады вызвалілі некалькі соцень палітвязняў.
эж