На таргі выставілі былую рэзідэнцыю Лукашэнкі пад Віцебскам. Цану на яе пакуль яшчэ не назвалі.
Афіцыйная назва аб’екта на сайце Віцебскага цэнтра нерухомасці — «База адпачынку «Крупеніна», паведамляе «Віцебская вясна».
База адпачынку размешчаная ў 30 км ад Віцебска на беразе возера Бораўна. Яе пабудавалі ў 2000 годзе. Тут адпачываў Аляксандр Лукашэнка падчас візітаў на фестываль «Славянскі базар». Таксама тут прымалі замежныя дэлегацыі, а крыху пазней — найбольш любімых Лукашэнкам артыстаў — удзельнікаў таго ж віцебскага фестывалю.
Хутчэй за ўсё, з цягам часу ўзровень камфорту падаўся гаспадару рэзідэнцыі недастатковым, і яна «пайшла па руках». З 2014 года тут размяшчалася рэабілітацыйнае аддзяленне Віцебскага абласнога дыягнастычнага цэнтра, з сакавіка 2020 года — аддзяленне рэабілітацыі для пацыентаў пасля інфекцыі COVID-19. Са снежня 2023 года базай адпачынку валодала фірма «БелВітуніфарм», а ў верасні 2025 года аб’ект перадалі ва ўласнасць Віцебска.
За мінулы год мясцовыя ўлады так і не прыдумалі, як можна выкарыстаць маёмасць, размешчаную ў маляўнічай мясцовасці на тэрыторыі ў больш чым 10 га за высокім плотам.
вс