Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Жаночая зборная Польшчы па футболе не будзе байкатаваць матчаў з Беларуссю ў Лізе нацый

06.11.2026 17:23
У кастрычніку старшыня PZPN Цэзары Кулеша заявіў, што Польшча адмовіцца гуляць з Расіяй або Беларуссю на чэмпіянаце свету сярод каманд да 15 гадоў.
.
Футбол.wsyperek/pixabay.com/CC0 Public Domain

Жаночая зборная Польшчы па футболе сыграе з Беларуссю ў Лізе нацый, нягледзячы на ранейшыя заявы Польскай федэрацыі футбола (PZPN) пра байкот матчаў з расійскімі і беларускімі камандамі. Пра гэта паведамляе Sport.pl са спасылкай на польскую федэрацыю.

Жараб'ёўка адбылася 3 лістапада. Акрамя Беларусі, у групу Польшчы ўвайшлі Фінляндыя і Паўночная Ірландыя, звяртае ўвагу «Еўрарадыё».

Галоўны трэнер зборнай Ніна Паталон заявіла, што «прымаючы пад увагу захаванне спартыўнага характару ў групе, мы таксама выйдзем на матч з Беларуссю».

Паводле выдання, у PZPN спачатку спрабавалі дамовіцца з фінскай федэрацыяй пра сумесны байкот. Фіны адказалі, што сыграюць з Беларуссю ў звычайным рэжыме.

Пасля гэтага кіраўніцтва PZPN спытала меркаванне Паталон, ці можа каманда аддаць сапернікам шэсць ачкоў з-за тэхнічных паражэнняў. Па словах трэнера, гэтага нельга рабіць, калі зборная хоча выйсці ў дывізіён А.

Пераможца групы выходзіць у дывізіён А наўпрост. Другая каманда гуляе стыкавыя матчы, трэцяя змагаецца за захаванне месца, чацвёртая вылятае. Ліга нацый у жаночым футболе адначасова служыць кваліфікацыяй да чэмпіянату свету і чэмпіянату Еўропы.

— Я павінна клапаціцца пра іх будучыню, а іх будучыня будзе значна лепшай, калі мы выйдзем на бліжэйшы чэмпіянат Еўропы, — сказала трэнер Паталон.

Sport.pl прыводзіць у якасці аргументу «за» тое, што выступленне ў дывізіёне А ўжо двойчы давала Польшчы права гуляць у стыкавых матчах. Першы раз гэта дазволіла камандзе выйсці на Еўра ў Швейцарыі. Цяпер зборная чакае двухматчавага супрацьстаяння з Ірландыяй за выхад на чэмпіянат свету ў Бразіліі.

Нагадаем, у кастрычніку старшыня PZPN Цэзары Кулеша заявіў, што Польшча адмовіцца гуляць з Расіяй або Беларуссю на чэмпіянаце свету сярод каманд да 15 гадоў. ФІФА дапусціла абедзве краіны да гэтага турніру. На ім польская каманда з імі не сустрэлася.

вс