Жаночая зборная Польшчы па футболе сыграе з Беларуссю ў Лізе нацый, нягледзячы на ранейшыя заявы Польскай федэрацыі футбола (PZPN) пра байкот матчаў з расійскімі і беларускімі камандамі. Пра гэта паведамляе Sport.pl са спасылкай на польскую федэрацыю.
Жараб'ёўка адбылася 3 лістапада. Акрамя Беларусі, у групу Польшчы ўвайшлі Фінляндыя і Паўночная Ірландыя, звяртае ўвагу «Еўрарадыё».
Галоўны трэнер зборнай Ніна Паталон заявіла, што «прымаючы пад увагу захаванне спартыўнага характару ў групе, мы таксама выйдзем на матч з Беларуссю».
Паводле выдання, у PZPN спачатку спрабавалі дамовіцца з фінскай федэрацыяй пра сумесны байкот. Фіны адказалі, што сыграюць з Беларуссю ў звычайным рэжыме.
Пасля гэтага кіраўніцтва PZPN спытала меркаванне Паталон, ці можа каманда аддаць сапернікам шэсць ачкоў з-за тэхнічных паражэнняў. Па словах трэнера, гэтага нельга рабіць, калі зборная хоча выйсці ў дывізіён А.
Пераможца групы выходзіць у дывізіён А наўпрост. Другая каманда гуляе стыкавыя матчы, трэцяя змагаецца за захаванне месца, чацвёртая вылятае. Ліга нацый у жаночым футболе адначасова служыць кваліфікацыяй да чэмпіянату свету і чэмпіянату Еўропы.
— Я павінна клапаціцца пра іх будучыню, а іх будучыня будзе значна лепшай, калі мы выйдзем на бліжэйшы чэмпіянат Еўропы, — сказала трэнер Паталон.
Sport.pl прыводзіць у якасці аргументу «за» тое, што выступленне ў дывізіёне А ўжо двойчы давала Польшчы права гуляць у стыкавых матчах. Першы раз гэта дазволіла камандзе выйсці на Еўра ў Швейцарыі. Цяпер зборная чакае двухматчавага супрацьстаяння з Ірландыяй за выхад на чэмпіянат свету ў Бразіліі.
Нагадаем, у кастрычніку старшыня PZPN Цэзары Кулеша заявіў, што Польшча адмовіцца гуляць з Расіяй або Беларуссю на чэмпіянаце свету сярод каманд да 15 гадоў. ФІФА дапусціла абедзве краіны да гэтага турніру. На ім польская каманда з імі не сустрэлася.
вс