Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расіян вяртаюць на хакейныя чэмпіянаты свету, беларусаў — не

08.11.2026 13:42
Беларускія і расійскія каманды былі адхіленыя разам 28 лютага 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
 . .
Беларускія хакеісты. Ілюстрацыя. Фота: "Наша Ніва"
Пра абноўлены расклад паведаміла Швейцарская федэрацыя хакея. Расійская моладзевая зборная павінна заняць месца Нарвегіі, якую пераводзяць у першы дывізіён. Расія трапляе ў групу з Канадай, Швейцарыяй, Латвіяй і Фінляндыяй, — піша "Наша Ніва". Турнір пройдзе з 26 снежня 2026 года па 5 студзеня 2027‑га ў канадскіх Эдмантане і Рэд-Дзіры. На 27 снежня ў абноўленым раскладзе ўжо прызначаная сустрэча Расіі са Швейцарыяй.

Для Беларусі рашэнне іншае. 7 лістапада IIHF пацвердзіла, што беларуская моладзевая зборная U20 і мужчынская нацыянальная каманда не будуць удзельнічаць у чэмпіянатах свету 2027 года. Федэрацыя хакея Беларусі абскарджвала абмежаванні ва ўнутраным дысцыплінарным органе IIHF. Той часткова задаволіў апеляцыю, але заявіў, што не мае прававых падстаў загадаць неадкладна вярнуць беларусаў на турніры.

Пасля гэтага рада IIHF зноў адмовіла ў допуску. Яна спаслалася на ўжо зацверджаныя фарматы спаборніцтваў, расклады, продаж квіткоў і арганізацыйныя планы. Расійская Федэрацыя дамаглася іншага выніку праз Спартыўны арбітражны суд у Лазане. 30 кастрычніка суд абавязаў IIHF дапусціць расійскія каманды да шэрагу міжнародных турніраў.

Беларускія і расійскія каманды былі адхіленыя разам 28 лютага 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Цяпер расіяне дамагліся асобнага рашэння на сваю карысць, а беларуская нацыянальная і моладзевая зборныя па-ранейшаму застаюцца без чэмпіянатаў свету.

нг