Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын перанёс цяжкае віруснае захворванне ў магілёўскай калоніі №15. Ён дзесяць дзён правёў у медсанчастцы і нават пасля выпіскі не аднавіў здароўе.
Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на жонку палітвязня Вольгу Івашыну, хвароба была настолькі цяжкай, што журналіст не мог падняцца з ложка.
Некалькі тыдняў родныя не атрымлівалі ад яго лістоў і званкоў. Сям'я нават падазравала, што Івашына змясцілі ў штрафны ізалятар. Пра сапраўдную прычыну маўчання стала вядома пасля тэлефанавання маці.
Жонка звязвае захворванне з цяжкімі ўмовамі зняволення і немагчымасцю перадаваць неабходныя лекі. Пасля выздараўлення журналіста зноў павінны вывесці на працу.
Івашына затрымалі ў 2021 годзе і асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле апошніх звестак БАЖ, у беларускіх турмах заставаліся як мінімум 15 прадстаўнікоў медыя.
эж