Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Актывіста з Ельска завочна асудзілі на 13 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве»

10.11.2026 09:25
Справу разглядалі ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Тэрмін пазбаўлення волі будуць адлічваць з дня затрымання Аляксея.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

6 лістапада 2026 года Магілёўскі абласны суд вынес прысуд актывісту з Ельска Аляксею Зуевічу. Яго прызналі вінаватым у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і прызначылі 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў — 45 тысяч рублёў.

Мужчыну абвінавацілі паводле часткі 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі (здрада дзяржаве).

Згодна з рашэннем суда, яму інкрымінавалі «іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, скіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Справу разглядалі ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Тэрмін пазбаўлення волі будуць адлічваць зд дня затрымання Аляксея.

У паведамленні суда не раскрываецца, у чым канкрэтна, паводле абвінавачвання, заключалася «дапамога замежнай дзяржаве» і якія доказы былі пакладзеныя ў аснову абвінаваўчага прысуду.
Аляксей Зуевіч — беларускі грамадскі актывіст, сябра партыі «Народная Грамада».

У жніўні 2020 года мужчыну затрымлівалі ў Ельску. На наступны дзень суд Ельскага раёна прызнаў Аляксея Зуевіча вінаватым у «парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства» і прызначыў яму 10 сутак арышту. Як расказвалі сябры актывіста, падставай стала тое, што ён расклейваў у цэнтры Ельска ўлёткі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Міліцыя расцаніла гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

У траўні 2021 года мужчыну зноў затрымалі і правялі ў яго вобшук.

Вясна/ав