Літва будзе правяраць паходжанне збожжа, якое перавозіцца Беларуссю і Расіяй праз Клайпедскі порт. Гэта можа затрымаць экспарт на некалькі месяцаў. Аб гэтым піша агенцтва «Reuters» са спасылкай на прадстаўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі Літвы.
Літва падазрае, што частка збожжа, якое экспартуецца Беларуссю і РФ, паступае з акупаваных РАсіяй украінскіх тэрыторый. У верасні гэтая балтыйская краіна пачала праверку першых партыяў. З наступнага тыдня пшаніца, ячмень, насенне сланечніка і кукуруза, якія адпраўляюцца на экспарт праз балтыйскі порт Клайпеда з Расіі або Беларусі, не будуць дапускацца да мытнага кантролю да атрымання вынікаў аналізаў.
— Праверкі могуць заняць два месяцы і больш — распавёў агенцтву чыноўнік.
Паколькі ў Літве няма лабараторыі, якая можа праводзіць неабходныя аналізы, іх правядзенне за мяжой займае час. Ён дадаў, што, калі заяўленае паходжанне збожжа будзе ілжывым, груз давядзецца вярнуць або знішчыць. Усе выдаткі, звязаныя з захоўваннем, праверкай, вяртаннем ці знішчэннем збожжа, возьмуць на сябе экспарцёры.
Нягледзячы на тое, што санкцыі Еўрапейскага саюза забараняюць імпарт расійскага збожжа, транзіт праз тэрыторыю ЕС па-ранейшаму дазволены.
Краіны Балтыі імкнуцца спыніць транзіт расійскага і беларускага збожжа праз свае парты пасля таго, як Масква актывізавала выкарыстанне балтыйскіх экспартных маршрутаў у сувязі з нападамі Украіны на судны і інфраструктуру ў чарнаморскіх партах.
Люстэрка/ав