Рэжым Аляксандра Лукашэнкі стварыў у лесе каля латвійскай мяжы дадатковую агароджу, якую мігрантам выдаюць за мяжу Еўрасаюза. Пераадолеўшы яе, людзі трапляюць у пастку паміж двума платамі. Пра гэта ў інтэрв'ю польскай газеце Rzeczpospolita расказаў кіраўнік латвійскага Цэнтра крызіснага кіравання палкоўнік Арвіс Зіле.
Паводле яго, фальшывая мяжа знаходзіцца за 400 метраў — адзін кіламетр ад сапраўднай. Мігрантам абяцаюць, што за агароджай пачынаецца ЕС, але наперадзе іх чакае яшчэ адна перашкода. Вярнуцца назад не дазваляюць беларускія сілавікі. Людзі вымушаныя блукаць па буфернай зоне, разбіваць лагеры і шукаць шлях у Латвію.
Арвіс Зіле лічыць такую схему спробай Мінска схаваць удзел дзяржаўных структур у арганізацыі нелегальнай міграцыі.
Сёлета латвійскія памежнікі прадухілілі ўжо каля 12 тысяч спроб незаконнага перасячэння мяжы.
эж