Некаторыя прадаўцы расійскага маркетплэйса Wildberries перанеслі сваю дзейнасць з Расіі ў Беларусь на фоне ўкраінскіх атак на лагістычныя цэнтры кампаніі. Пра гэта ў інтэрв'ю расійскаму дзяржаўнаму тэлебачанню паведаміла кіраўніца Wildberries Таццяна Кім, што заўважыў Reform.by.
Паводле яе слоў, кампанія сама прапанавала некаторым прадаўцам пераехаць у Беларусь і дапамагла арганізаваць працу на новым месцы.
Сёлета Wildberries увёў у эксплуатацыю буйны транспартна-лагістычны цэнтр у індустрыяльным парку «Вялікі камень» пад Мінскам.
Таццяна Кім таксама паведаміла, што кампанія была вымушаная перабудаваць сваю лагістычную сістэму. Цяпер Wildberries адмовіўся ад выкарыстання буйных складоў і ўсё часцей пераходзіць на схему, пры якой прадаўцы захоўваюць тавары на ўласных складах або карыстаюцца паслугамі спецыялізаваных лагістычных аператараў.
Паводле кіраўніцы кампаніі, працу буйных складскіх комплексаў плануецца аднавіць пасля стабілізацыі сітуацыі.
Нагадаем, летам і на пачатку восені ўкраінскія войскі нанеслі ўдары па больш як дзесяці буйных складах Wildberries у Расіі. У выніку атак беспілотнікаў некаторыя з іх былі цалкам знішчаныя агнём.
яс