Прэс-служба Мінабароны ўдакладніла, што размова ідзе пра ўдасканальванне падрыхтоўкі штабоў тэрабароны і часцей тэрытарыяльных войскаў, а таксама кіраўнікоў і спецыялістаў выканкамаў. Нарошчваюцца магчымасці сістэмы ўсебаковага забеспячэння войскаў усімі відамі матэрыяльных сродкаў, «у першую чаргу — сучаснымі сродкамі сувязі, індывідуальнай абароны, назірання і супрацьдзеяння беспілотнікам».
У гэтыя дні ў Магілёўскай вобласці праходзяць зборы з войскамі тэрытарыяльнай абароны. На іх прызвалі каля 200 ваеннаабавязаных, якія «выконваюць задачы па ахове аб'ектаў важнай інфраструктуры, вядуць барацьбу з дыверсійна-разведвальнымі групамі ўмоўнага суперніка, а таксама выконваюць задачы па забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне сумесна з прадстаўнікамі МУС».
Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які разгортваецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.
Крыніца: Позірк/юл