Супраць гісторыка і публіцыста Аляксандра Пашкевіча завялі крымінальную справу за гутаркі на «экстрэмісцкім» YouTube-канале.
Аляксандр Пашкевіч вымушана пакінуў Беларусь у 2021 годзе. Сёлета ў кастрычніку яго абвясцілі ў міждзяржаўны крымінальны вышук, а яго фотаздымак вывесілі на адмысловым стэндзе каля Лагойскага РАУС, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Здымак самога стэнда Аляксандр Пашкевіч размясціў на сваёй старонцы ў сетцы Facebook, напісаўшы, што «кампанія зусім не ганебная».
Сярод іншых асоб, чые выявы можна ўбачыць на міліцэйскім стэндзе ў Лагойску, – «каліновец» Дзяніс Урбановіч, праваабаронца і каардынатарка адукацыйных праграм Дар’я Рублеўская, мінчанка Вольга Сінялёва, якая ў 2021 годзе адмовілася здаваць кватэру супрацоўніцы пракуратуры Аліне Касьянчык, што выступала дзяржабвінаваўцам у гучных палітычных справах, у тым ліку па справе журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Яшчэ некалькі чалавек – удзельнікі мірных пратэстаў 2020 года, супраць якіх распачатыя крымінальныя справы.
Стэнд ля Лагойскага РАУС. Фота з асабістай старонкі А. Пашкевіча ў сетцы Facebook
Побач з фотаздымкам Аляксандра Пашкевіча пазначана, што яго шукаюць як падазраванага па справе, заведзенай за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Падставай для крымінальнага пераследу сталі гутаркі з яго ўдзелам на YouTube-канале Malanka Media, дзе разглядаліся пытанні моўнай палітыкі ў Беларусі і грамадскіх падзей. У лютым 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла гэты медыяпраект «экстрэмісцкім фармаваннем».
Беларускія грамадзяне трапляюць у гэтую базу на запыт сілавых структур Беларусі, і ў ёй ужо больш за сотню незалежных журналістаў і медыясупрацоўнікаў. Гэта азначае, што іх вышукваюць у Расіі і Беларусі, іншых дзяржавах-удзельніцах СНД, а таксама могуць выдаць з «сяброўскіх» беларускаму рэжыму краін.
Гісторык і публіцыст, былы намеснік рэдактара часопісаў «ARCHE Пачатак» і «Наша гісторыя» Аляксандр Пашкевіч з’ехаў з Беларусі пяць гадоў таму, калі заўважыў празмерную ўвагу да сябе з боку палітычных апанентаў і сілавых структур.
У дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года ён быў затрыманы на выбарчым участку ў Мінску, дзе прысутнічаў як журналіст на падліку галасоў.
вс