Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Генпракуратура накіравала ў суд справу пяці «удзельнікаў палка Каліноўскага»

16.11.2026 12:47
У парадку спецыяльнай вытворчасці ім інкрымінаваныя «злачынствы экстрэмісцкай і тэрарыстычнай скіраванасці супраць інтарэсаў Беларусі».
       .
Баец палка імя Кастуся Каліноўскага са сцягам падраздзялення.крыніца: YouTube-канал палка імя Каліноўскага/скрыншот

Генеральная пракуратура накіравала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу ў дачыненні да пяці ваяроў палка імя Кастуся Каліноўскага, што ваююць на баку Украіны. У паведамленні 16 лістапада наглядны орган называе падраздзяленне «ўзброенай злачыннай арганізацыяй», інфармуе «Позірк».

У парадку спецыяльнай вытворчасці ім інкрымінаваныя «злачынствы экстрэмісцкай і тэрарыстычнай скіраванасці супраць інтарэсаў Беларусі».

Генпракуратура заявіла, што мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай у дачыненні да абвінавачаных «ужытая правільна, падстаў для яе змянення або скасавання няма». Паколькі вядзецца спецвытворчасць, імаверна, гэтая мера абраная завочна. Імёны абвінавачаных не называюцца.

Сярод артыкулаў, якія ставяцца ў віну, акт тэрарызму і пагроза яго здзяйснення, арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі, прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін, стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» і ўдзел у ім, змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам ды інш.

Паводле матэрыялаў справы, у 2022 годзе група грамадзян стварыла «злачынную супольнасць» — полк імя Кастуся Каліноўскага, які, згодна з версіяй абвінавачання, ставіў за мэту гвалтоўны захоп улады ў Беларусі.

— Асноўнымі спосабамі дасягнення такой мэты былі вызначаныя вербаванне, навучанне і падрыхтоўка грамадзян, якія негатыўна ставіліся да палітычнай сістэмы Беларусі, пераважна этнічных беларусаў, для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку Украіны, а таксама экстрэмісцкая і тэрарыстычная дзейнасць супраць інтарэсаў Беларусі, у тым ліку наступнае ўзброенае ўварванне на тэрыторыю краіны, — гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што абвінавачаныя ў розны час увайшлі ў склад палка і выконвалі функцыі начальніка штаба, байца, інструктара, а таксама камандзіра медыцынскай роты.

Генпракуратура заявіла пра «рэальнае дзеянне прынцыпу непазбежнасці адказнасці» за любое здзейсненае злачынства, а таксама пра працяглыя тэрміны даўнасці па злачынствах «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» скіраванасці.

1 кастрычніка 2026 года Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да пяці грамадзян, якія, паводле інфармацыі праваабаронцаў, звязаныя з палком Каліноўскага. Гаворка ідзе пра Арцёма Войніча, Аляксандра Грыба (Грыгор’ева), Алега Калуша, Яўгена Лістапада і Аляксандра Буцько. Не выключана, што менавіта іх справу Генпракуратура зараз накіравала ў суд.

вс