У Беларусі не спыняюцца затрыманні і ператрусы, адміністрацыйныя і крымінальныя суды, жорсткія ўмовы ўтрымання ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
У Беларусі абнавілі Рэспубліканскі спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў". У яго ўнеслі тры акаўнты ў сацыяльных сетках — адзін у TikTok і два ў Instagram. Адпаведныя рашэнні судоў датаваныя 13 лістапада 2026 года.
"Экстрэмісцкай" прызналі інфармацыйную прадукцыю TikTok-акаўнта "Белый" (@user327932625626) і Instagram-акаўнты liza denisjuk (@liza_denisjuk) і prokopieva.by (@prokopieva.by).
Такія рашэнні прынялі Асіповіцкі раённы і Лідскі раённы суды.
На Віцебшчыне міліцыянты прыходзяць да людзей, якія скардзяцца на мясцовыя праблемы ў TikTok
За апошнія два месяцы ў рэгіёне зафіксавалі як мінімум чатыры выпадкі, калі міліцыянты наведвалі людзей, якія запісвалі відэазвароты пра праблемы з камунальнымі паслугамі ды іншыя мясцовыя пытанні або дасылалі такія матэрыялы ў рэгіянальныя TikTok-паблікі. Пра гэты выпадак паведамляе Telegram-канал "Віцебск, я гуляю! | Навіны Віцебска".
У двух выпадках міліцыянты забралі ў людзей тэхніку для правядзення экспертызы.
Акрамя таго, з TikTok хутка знікаюць відэа ў фармаце зваротаў да Лукашэнкі. Напрыклад, з платформы знік ролік жыхаркі Дуброўна пра яе 18-гадовага сына, які падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расіі.
нг