Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Турыстычныя інфармацыйныя цэнтры Беларусі пераходзяць на новы фармат работы. Што зменіцца?

18.11.2026 18:30
Змены прадугледжваюць, між іншым, заснаванне шасці абласных турінфацэнтраў і аднаго гарадскога ў Мінску.
Мінскjackal007 /pixabay.com/CC0 Public Domain

Першыя турыстычныя інфармацыйныя цэнтры (ТІЦ) у Беларусі з'явіліся больш за 20 гадоў таму. Яны ствараліся ў першую чаргу для інфармавання падарожнікаў аб маршрутах, славутасцях, падзеях, месцах адпачынку і пражывання.

У лістападзе гэтага года ўрад прыняў пастанову №575, якая мяняе падыходы. Пашыраны магчымасці такіх арганізацый па папулярызацыі турыстычных прадуктаў сваіх рэгіёнаў. Аб ключавых навацыях дзяржагенцтву «БЕЛТА» расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл Машарскі.

— Плануецца заснаванне шасці абласных турінфацэнтраў і аднаго гарадскога ў Мінску. Абласны ТІЦ з яго структурнымі падраздзяленнямі, размешчанымі ў рэгіёнах, уяўляе турыстычны патэнцыял усёй вобласці і каардынуе дзейнасць міжрэгіянальных ТІЦ. Міжрэгіянальныя ТІЦ — турыстычныя інфармацыйныя цэнтры, якія працуюць адразу для некалькіх гарадоў, раёнаў, звязаных агульнай лагістыкай, гісторыяй, культурай. Яны будуць развіваць турыстычны патэнцыял сваёй зоны, а не прадстаўляць кожную тэрыторыю асобна, — патлумачыў Кірыл Машарскі.

Сёння ў краіне дзейнічаюць 68 ТІЦ. У трох абласцях — Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай — абласныя ТІЦ не створаны. Што датычыцца раённых цэнтраў, то ў Гомельскай вобласці адзін ТІЦ, Брэсцкай — пяць, Гродзенскай — 16, Віцебскай і Мінскай — па 21.

Новая структура замацоўваецца ў выглядзе абласных, міжрэгіянальных ТІЦ і прадугледжвае ліквідацыю раённых, гарадскіх, аднастайнае стварэнне і фінансаванне аблвыканкамамі сеткі ТІЦ.

Змены павінны запрацаваць у поўным абʼёме з лютага 2027 года, калі ўступяць у сілу ключавыя палажэнні аб рэарганізацыі і ліквідацыі ТІЦ, а таксама аб новых формах іх дзейнасці.

аз