Адміністрацыйная рада Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) заклікала ўрад Беларусі вызваліць усіх прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў няволі за сваю дзейнасць і асобным пунктам падтрымала Вацлава Арэшку, які ў зняволенні страціў зрок, паведамляе «Свабода».
Ад 9 лістапада ў Жэневе праходзіць чарговае пасяджэнне Адміністрацыйнай рады МАП, на якім 17 лістапада разглядалі беларускае пытанне.
МАП з 2023 года паставіў Беларусь на асаблівы кантроль за парушэнні артыкула 33 Статута гэтай арганізацыі, прызнаўшы, што ўрад Беларусі парушае правы беларускіх працаўнікоў на прафесійныя аб’яднанні і чыніць іншыя перашкоды працоўнаму руху.
Арганізацыя, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў 192 краін свету, патрабуе ад Беларусі, якая ўваходзіць у МАП, выканання гэтага артыкула, аднаўлення Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў і вызвалення ўсіх беларускіх прафсаюзных актывістаў.
— За кратамі яшчэ застаюцца 20 беларускіх прафсаюзных актывістаў. Яны ніякія не крымінальнікі, як кажуць прадстаўнікі ўраду. Мы патрабуем іх абавязковага вызвалення і вітаем тое, што МАП нас у гэтым падтрымлівае, — сказаў «Свабодзе» былы палітвязень, лідар Беларускага кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, сябар Адміністрацыйнай рады МАП Аляксандр Ярашук, які ўдзельнічаў у працы Рады.
У выніку абмеркавання беларускага пытання была прынятая рэзалюцыя з 12 пунктаў. Адміністрацыйная рада МАП заклікала ўрад Беларусі «перагледзець сваю пазіцыю і вызваліць усіх прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні за сваю прафсаюзную дзейнасць».
Сярод іншых патрабаванняў да ўладаў Беларусі — супрацоўнічаць са спецпасланнікам для Беларусі, які быў прызначаны раней, але дагэтуль не прызнаны беларускім урадам.
аз