Літва не будзе змяншаць ціск на Беларусь, нягледзячы на ўзмацненне дыпламатычных намаганняў, накіраваных на выхад Мінска з ізаляцыі. Пра гэта ў інтэрвʼю выданню «The Kyiv Independent» паведаміў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
У апошнія тыдні Беларусь зноў апынулася ў цэнтры дыпламатычнай увагі: Вашынгтон абмяркоўвае магчымае паслабленне абмежаванняў на экспарт беларускіх калійных угнаенняў праз тэрыторыю Літвы, а лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская настойвае на тым, каб пытанне будучыні яе краіны было ўключана ў перамовы аб спыненні вайны Расіі супраць Украіны.
Што тычыцца ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі, то Будрыс адзначыў, што «яны (Расія — рэд.) робяць гэта выключна дзеля будучых перамоў», і параўнаў Беларусь з «разменнай манетай» у руках Расіі.
— Ці зʼяўляецца Беларусь тут нейкім самастойным субʼектам? Я гэтага не бачу, — сказаў Будрыс.
Наадварот, паколькі Беларусь усё ж мае пэўны ўплыў на палітычныя працэсы, Будрыс лічыць яе «абсалютным саўдзельнікам», нагадваючы, што Расія выкарыстала тэрыторыю і паветраную прастору краіны для пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Зыходзячы з гэтага, Літва не плануе змякчаць сваю пазіцыю адносна санкцый і іншых мер, накіраваных супраць Беларусі.
— Больш за тое, я не магу ўявіць, каб нехта з 27 краін-членаў ЕС падняў руку і сказаў: «Ведаеце, на мой погляд, паводзіны Беларусі змяніліся ва ўсіх сферах, з-за якіх мы ўвялі санкцыі»», — дадаў Будрыс.
Паводле прагнозу Будрыса, калі ў лютым 2027 года паўстане пытанне аб падаўжэнні санкцый ЕС супраць Беларусі, яны, хутчэй за ўсё, будуць падоўжаныя яшчэ на год без істотных змен.
Хоць Злучаныя Штаты прытрымліваюцца іншага падыходу да санкцый супраць Беларусі, Будрыс адзначыў, што Вашынгтон не аказваў «ніякага ціску» на ЕС з мэтай перагляду яго пазіцыі. Ён растлумачыў, што бакі абмяркоўвалі сітуацыю вакол Беларусі, падчас чаго Літва агучыла сваю пазіцыю, аднак ніякіх далейшых крокаў зроблена не было.
аз