Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Беларусі ўначы адбыліся масавыя збоі ў рабоце сацсетак

20.11.2026 15:02
Першыя скаргі з'явіліся яшчэ да поўначы, найбольш праблем было ў карыстальнікаў Discord, Telegram і Youtube. 
Ілюстрацыйнае фота Sergei Tokmakov, Esq. https://Terms.Law z Pixabay/CC0

У ноч на 20 лістапада карыстальнікі ў Беларусі масава скардзіліся на збоі ў працы сацыяльных сетак, платформ і месэнджараў Telegram, TikTok, Instagram, Youtube і Discord, паведамляе спецыялізаваны партал dev.by.

Па дадзеных сэрвісу Detector404.by, карыстальнікі не маглі прайграваць відэа, загружаць стужкі і адпраўляць паведамленні. Першыя скаргі на праблемы з Youtube з'явіліся яшчэ да поўначы, пасля чаго на працягу некалькіх гадзін пачалі паступаць паведамленні аб збоях у іншых сэрвісах.

Больш за ўсё скарг за апошнія суткі паступіла на Discord — каля 3 тысяч. Яшчэ прыкладна па 1,8 тысячы паведамленняў было звязана з працай Telegram і Youtube. Часцей за ўсё аб праблемах паведамлялі карыстальнікі з Мінска (3,4 тыс. скарг) і Мінскай вобласці (1,2 тыс.).

Раніцай гэтыя прыкладанні аднавілі працу. Пры гэтым банкаўскія сэрвісы, маркетплэйсы, аператары сувязі, дзяржаўныя сайты і месэнджар «Вайбер», па дадзеных партала, працавалі ў цэлым штатна.

Каментароў ад беларускіх уладаў наконт збояў не паступала.

Крыніца: Dev.by/«Позірк»/юл