У ноч на 20 лістапада карыстальнікі ў Беларусі масава скардзіліся на збоі ў працы сацыяльных сетак, платформ і месэнджараў Telegram, TikTok, Instagram, Youtube і Discord, паведамляе спецыялізаваны партал dev.by.
Па дадзеных сэрвісу Detector404.by, карыстальнікі не маглі прайграваць відэа, загружаць стужкі і адпраўляць паведамленні. Першыя скаргі на праблемы з Youtube з'явіліся яшчэ да поўначы, пасля чаго на працягу некалькіх гадзін пачалі паступаць паведамленні аб збоях у іншых сэрвісах.
Больш за ўсё скарг за апошнія суткі паступіла на Discord — каля 3 тысяч. Яшчэ прыкладна па 1,8 тысячы паведамленняў было звязана з працай Telegram і Youtube. Часцей за ўсё аб праблемах паведамлялі карыстальнікі з Мінска (3,4 тыс. скарг) і Мінскай вобласці (1,2 тыс.).
Раніцай гэтыя прыкладанні аднавілі працу. Пры гэтым банкаўскія сэрвісы, маркетплэйсы, аператары сувязі, дзяржаўныя сайты і месэнджар «Вайбер», па дадзеных партала, працавалі ў цэлым штатна.
Каментароў ад беларускіх уладаў наконт збояў не паступала.
Крыніца: Dev.by/«Позірк»/юл