Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Памёр пісьменнік і выдавец Анатоль Тарас

22.11.2026 12:03
У апошнія гады лукашысты прызналі шэраг яго кніг экстрэмісцкімі за іх нацыянальны характар.
Пісьменнік Анатоль ТарасНаша Ніва/@nashaniva

Пра смерць пісьменніка паведамілі ягоныя знаёмыя ў сацсетках са спасылкай на сваякоў. Прычынай смерці называюць інсульт. Яму было 82 гады.

Анатоль Тарас нарадзіўся 24 мая 1944 года ў прыгарадзе Гомля ў сямʼі беларускага мастака Яфіма Тараса. Ён быў зводным братам вядомага беларускага пісьменніка і перакладчыка Валянціна Тараса (1930-2009).

Анатоль Тарас выступіў рэдактарам, укладальнікам і аўтарам каля ста кніг. Сярод іх — «Войны Маскоўскай Русі з Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай у XIV–XVII стст.» (2006), «Гісторыя імперскіх адносін: беларусы і рускія. 1772–1991» (2008), «Анатомія нянавісці: Руска-польскія канфлікты ў XVIII–XX стст.» (2009), «Грунвальд, 15 ліпеня 1410 года» (2010), «Навуковы антыкамунізм і антыфашызм» (2010), «Перадгісторыя беларусаў ад старажытнасці да XIII стагоддзя» (2010), «Беларусь перад усім: Аб нацыянальнай беларускай ідэі» (2011) і «1812. Трагедыя Беларусі» (2012) і іншыя.

Кнігі Анатоля Тараса выходзілі на рускай мове і карысталіся немалой папулярнасцю. У той жа час ягоныя гістарычныя працы і выдавецкая дзейнасць сутыкаліся з крытыкай у навуковых асяродках з-за фактычных і метадалагічных памылак, тэндэнцыйнасць ды катэгарычнасць высноў.

У апошнія гады адразу некалькі кніг Анатоля Тараса, якія паводле сваёй скіраванасці зусім не ўпісваюцца ў дзяржаўную ідэалогію лукашэнкаўскай Беларусі, былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» выданнямі.

Крыніца: «Наша Ніва»/юл