Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларускія «Кіберпартызаны» апублікавалі звесткі пра загадкавыя смерці расійскіх топ-менеджараў

23.11.2026 08:30
Інфармацыю, паводле хакераў, удалося атрымаць у выніку ўзлому Расстату — Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расіі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneGerd Altmann (źr. Pixabay)

Беларуская хакерская група «Кіберпартызаны» апублікавала звесткі пра прычыны смерці расійскіх бізнесоўцаў, кіраўнікоў буйных кампаній і чыноўнікаў, якія памерлі пры рэзанансных абставінах з 2022 года, паведамляе «Свабода».

Інфармацыю, паводле хакераў, удалося атрымаць у выніку ўзлому Расстату — Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расіі.

«Кіберпартызаны» апублікавалі выпіскі з базы пасведчанняў аб смерці, у якіх пазначаныя афіцыйна зарэгістраваныя прычыны смерці. У некаторых выпадках гэтыя абставіны раней публічна не раскрываліся.

Сярод іх — смерць віцэ-прэзідэнта нафтавай кампаніі «Лукойл» Віталя Робертуса, які памёр 13 сакавіка 2024 года ва ўзросце 53 гадоў. Тады кампанія паведаміла толькі пра яго раптоўную смерць, а СМІ пісалі пра магчымае самагубства. У апублікаваных дакументах прычынай смерці названа павешанне пры нявызначаных абставінах. Гэта азначае, што не ўдалося ўстанавіць, ці было гэта самагубства, няшчасны выпадак або дзеянні іншага чалавека.

Яшчэ адзін выпадак — смерць старшыні рады дырэктараў «Лукойлу» Равіля Маганава, які 1 верасня 2022 года выпаў з акна Цэнтральнай клінічнай бальніцы ў Маскве. Кампанія тады заявіла, што ён памёр пасля цяжкай хваробы. Паводле апублікаваных звестак, прычынай смерці было падзенне з вышыні.

Нявызначанымі ў дакументах названыя і абставіны смерці кіраўніцы фінансавага забеспячэння Заходняй вайсковай акругі Марыны Янкінай і віцэ-прэзідэнта «Транснафты» Андрэя Бадалава. Абодвух знайшлі мёртвымі пад вокнамі будынкаў.

У выпадку дырэктара па камунікацыях кампаніі «Лічбавая лагістыка» Паўла Пчэльнікава, звязанай з Расійскімі чыгункамі, прычынай смерці пазначана агнястрэльнае раненне. Раней СМІ паведамлялі пра версію самагубства, аднак у апублікаваным запісе такой высновы няма.

У чатырох іншых выпадках самагубства непасрэдна пазначанае ў дакументах. Гаворка пра звязаных з «Газпромам» кіраўнікоў Аляксандра Цюлякова, Юрыя Варонава і Леаніда Шульмана, а таксама першага намесніка генеральнага дырэктара «Якутскэнерго» Ігара Шкурко, якога знайшлі мёртвым у следчым ізалятары.

Усяго «Кіберпартызаны» апублікавалі інфармацыю пра 17 памерлых расійскіх бізнесменаў і кіраўнікоў. У шэрагу выпадкаў прычынамі смерці пазначаныя захворванні.

Незалежнага пацверджання сапраўднасці ўсіх апублікаваных запісаў пакуль няма. Самі хакеры заяўляюць, што гэта толькі пачатак расследаванняў на падставе атрыманай інфармацыі.

На пачатку лістапада беларускія «Кіберпартызаны» разам з хакерскай групай Silent Crow заявілі пра ўзлом інфармацыйных сістэм Расстату і атрыманне вялікага масіву закрытых звестак. Расстат пацвердзіў факт кібератакі, але адмаўляў кампраметацыю базаў звестак.

аз