Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Чэхія выступае за міжнародны байкот матчаў з беларускімі і расійскімі камандамі

26.11.2026 10:37
Сенат Чэхіі заклікаў не праводзіць на тэрыторыі краіны спартыўныя спаборніцтвы з удзелам зборных і клубаў Беларусі і Расіі.
   , 2025 .
Пуцін гуляе ў хакей, 2025 г.Presidential Press and Information Office
Адпаведную пастанову 25 лістапада падтрымалі 68 з 72 прысутных на пасяджэнні сенатараў, паведамляе чэшскае інфармацыйнае агенцтва ČTK, на што звярнуў увагу Reform.news.

Верхняя палата чэшскага парламента таксама падтрымала ініцыятыву нацыянальнага хакейнага саюза аб стварэнні міжнароднай кааліцыі краін, якія адмовяцца ад матчаў з беларускімі і расійскімі камандамі, у тым ліку на турнірах за межамі Чэхіі.

У выпадку, калі міжнародныя спартыўныя федэрацыі будуць пагражаць чэшскім зборным і клубам санкцыямі за адмову ўдзельнічаць у такіх матчах, сенатары заклікаюць урад забяспечыць спартсменам «поўную прававую, дыпламатычную і фінансавую абарону».

Нагодай для прыняцця пастановы стала рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда аб вяртанні расійскіх хакейных зборных на міжнародныя спаборніцтвы. На думку чэшскіх сенатараў, суд не ўлічыў пагроз бяспецы, а яго рашэнне супярэчыць намаганням дэмакратычных краін па міжнароднай ізаляцыі Расіі ў сувязі з яе агрэсіяй супраць Украіны.

Сенат таксама падтрымаў рашэнне чэшскіх уладаў не пускаць у краіну членаў расійскіх спартыўных дэлегацый, нават калі яны атрымаюць візы ў іншых краінах Еўрасаюза.

Нагадаем, 23 лістапада лідары сямі еўрапейскіх краін — Даніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі, Швецыі і Эстоніі — заклікалі краіны ЕС не выдаваць візы беларускім і расійскім спартсменам для ўдзелу ў спаборніцтвах. На думку аўтараў звароту, Крэмль успрыняў бы вяртанне расійскіх спартсменаў на еўрапейскія турніры як сваю перамогу.

Міжнародная федэрацыя хакея адхіліла беларускія і расійскія зборныя і клубы ад спаборніцтваў у лютым 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Пазней да міжнародных турніраў былі дапушчаныя некаторыя беларускія юніёрскія і жаночыя зборныя. Аднак асноўная мужчынская і моладзевая зборныя Беларусі па-ранейшаму не дапушчаныя да ўдзелу ў чэмпіянатах свету 2027 года.

яс