За іх кантрабанду ў буйным памеры пагражае сур'ёзнае пакаранне — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Брэсцкая мытня распачала крымінальную справу ў дачыненні да двух грамадзян Беларусі, якія спрабавалі нелегальна ўвезці з Польшчы каля 280 адзінак ветэрынарных прэпаратаў агульным коштам каля 100 тысяч беларускіх рублёў, або больш за 33 тысячы долараў. Пра гэта паведамляе «Позірк» са спасылкай на Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.
Паводле інфармацыі ведамства, у пункце пропуску «Казловічы» 46-гадовы і 56-гадовы грамадзяне Беларусі, якія кіравалі аўтамабілямі польскага перавозчыка, паспрабавалі перамясціць незадэклараваныя ветэрынарныя прэпараты праз мытную мяжу. Падчас праверкі мытнікі выявілі і канфіскавалі тавар.
— Цяпер абодвум пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 10 гадоў, — паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Гэта далёка не першы выпадак кантрабанды ветэрынарных лекаў у Беларусь за апошні час. 16 кастрычніка мытнікі паведамілі пра спробу нелегальнага ўвозу 311 упаковак ветэрынарных прэпаратаў коштам каля 243 тысяч беларускіх рублёў. А шостага кастрычніка на мяжы з Польшчай быў арыштаваны рэйсавы аўтобус, у якім незаконна перавозілі ветэрынарныя прэпараты і аўтазапчасткі.
яс