Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Стаўбцоўскім раёне асудзілі дырэктарку школы за працаўладкаванне «мёртвых душ»

27.11.2026 08:16
Са жніўня 2022 года па сакавік 2026 года кіраўніца навучальнай установы афармляла на розныя пасады людзей, якія фактычна ў школе не працавалі.
Ілюстрацыйны здымакCL-Medien / Shutterstock

Суд у Стоўбцах вынес прысуд дырэктарцы адной са школ раёна, якая фіктыўна працаўладкоўвала людзей, а іх заробкі прысвойвала сабе. Пра гэта паведаміла прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі, што заўважыла «Наша Ніва»

Як высветлілася падчас судовага разбору, са жніўня 2022 года па сакавік 2026 года кіраўніца навучальнай установы афармляла на розныя пасады людзей, якія фактычна ў школе не працавалі. Сваім падначаленым яна даручала ўносіць у табелі ўліку працоўнага часу непраўдзівыя звесткі аб нібыта адпрацаваных гадзінах.

Людзі, працаўладкаваныя толькі на паперы, перадавалі атрыманыя заробкі дырэктарцы. Такім чынам жанчына прысвоіла больш за 7900 беларускіх рублёў.

Падчас судовага разбору абвінавачаная сваёй віны не прызнала, аднак цалкам кампенсавала нанесеную навучальнай установе шкоду.

Суд прызнаў дырэктарку вінаватай і прысудзіў яе да паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — так званай «хатняй хіміі». Акрамя таго, жанчына павінна заплаціць штраф у памеры 13,5 тысячы рублёў. Ёй таксама забаронена займаць кіраўнічыя пасады цягам пяці гадоў.

яс