Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон „Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы”, інфармуе „Еўрарадыё” са спасылкай на прэс-служба кіраўніка Беларусі. Гэты дакумент больш вядомы як „закон аб адтэрміноўках”.
Паведамляецца, што падставай для прыняцця гэтага закона сталі аб'ектыўныя дэмаграфічныя праблемы: істотна зменшылася колькасць юнакоў прызыўнога ўзросту. Пры гэтым у Беларусі існуюць 76 катэгорый грамадзян, якія не прызываюцца на тэрміновую ваенную службу або службу ў рэзерве.
Нагадаем, што новы закон скасоўвае адтэрміноўкі, якія раней атрымлівалі студэнты — такая адтэрміноўка будзе давацца толькі адзін раз. Але паведамляецца, што захаваюцца ўсе адтэрміноўкі па стане здароўя, сямейным становішчы ды іншыя, якія даваліся раней.
Таксама закон абмяжоўвае прыём на дзяржаўную службу і ў сілавыя органы для тых грамадзян, якія ўхіліліся ад прызыву.
Выпускнікі, якія атрымалі месца працы па размеркаванні або накіраваныя на працу ў адпаведнасці з дамовай аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту ці дамовай пра мэтавую падрыхтоўцы спецыяліста, могуць не ехаць па размеркаванні, калі яны добраахвотна падпішуць кантракт на вайсковую службу і праслужаць не менш за тэрміну абавязковай работы. Пры гэтым яны не будуць вяртаць грошы ў бюдэжт за сваё навучанне.
Усе адтэрміноўкі для працягу адукацыі, дадзеныя да таго, як закон набыў моц, захаваюцца да страты падстаў, па якіх яны вылучаліся.
Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў ураду распрацаваць комплекс мер, каб павысіць прэстыж тэрміновай ваеннай службы.
Закон набывае моц праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання.
аз