Грамадзянін Украіны праз амаль 15 гадоў сваёй нібыта супрацы з беларускімі спецслужбамі прызнаўся ў шпіянажы на карысць Беларусі. Адпаведную справу расследавала ўпраўленне Службы бяспекі Украіны ў Валынскай вобласці і накіравала ў суд, паведамляе „Радыё Свабода”.
Грамадзяніну Украіны Аляксандру Ч. пагражае ад 12 да 15 гадоў зняволення. Паводле рашэння Валынскага апеляцыйнага суда, абвінаваўчы акт будзе разглядаць Луцкі гарадскі і раённы суд Валынскай вобласці.
Следства абвінаваціла ўкраінца ў дзяржаўнай здрадзе, якая была ўчынена наўмысна на шкоду дзяржаўнай і інфармацыйнай бяспецы Украіны: шпіянаж і дапамога прадстаўнікам замежнай дзяржавы ў правядзенні дыверсійнай дзейнасці супраць Украіны.
Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, Аляксандр Ч. у канцы лета 2004 году даў вусную і пісьмовую згоду начальніку аддзелу выведкі Пінскага памежнага атраду „Рэчыца” аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве. Паводле дамовы, ён мусіў перадаваць беларускаму боку інфармацыю аб сістэме бяспекі дзяржаўнай мяжы і асабістым складзе падраздзяленняў на памежных участках у Ратнаўскім і Дубровіцкім раёнах Валынскай вобласці. Перадача інфармацыі, паводле следства, ажыцьцяўлялася пры дапамозе сотавай сувязі.
Такім чынам, паводле следства, Аляксандр Ч. „уступіў у агентурныя адносіны з замежнай спецслужбай і, адпаведна, стварыў умовы для замежных спецслужбаў для ажыццяўлення выведвальнай дзейнасці на тэрыторыі Украіны”.
У абвінаваўчым акце адзначаецца, што ўкраінец працягваў супрацу да свайго звароту ў СБУ, у якім і паведаміў аб вербаванні.
Гэта пяты выпадак нібыта вербавання ўкраінцаў беларускімі спецслужбамі і першы, калі абвінавачанне патрабуе пакарання. Дагэтуль усіх украінцаў, якія добраахвотна паведамлялі аб сваім вербаванні, вызвалялі ад крымінальнай адказнасці.
аз