Беларуская Служба

Расiйскія сацыёлагі: за саюз з Расiяй — амаль 90% беларусаў

29.11.2019 10:11
Тым часам, вынікі сацапытання «Беларускай аналітычнай майстэрні» істотна адрозніваюцца ад расейскіх сацыёлагаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Hurca/pixabay.com/CC0 Public Domain

Амаль 90% беларусаў выступаюць за саюзніцкія і партнёрскія адносіны з Расiяй. Такія вынікі паказала апытанне, праведзенае расiйскімі сацыёлагамі ў Беларусі, паведамляе „Радыё Рацыя” са спасылкай на расійскае выданне «Коммерсант».

Апытаннем займаўся Цэнтр прасторавага аналізу міжнародных адносін МГІМО ў рамках праекта «Трансфармацыі электаральных паводзінаў у рэгіёнах краін, памежных з Расiйскай Федэрацыяй: параўнальны прасторавы аналіз».

Сацыёлагі апыталі па тэлефоне больш за 7000 тэлефанаванняў і сабралі 500 поўных анкет з кантролем выбаркі па ўсіх рэгіёнах Беларусі і па полаўзроставай структуры рэспандэнтаў.

Як піша расейскае выданне, на пытанне, якія адносіны з Расіяй вы лічыце найбольш прымальнымі для Беларусі, амаль 58% адказалі «саюзніцкія»; 32% – «партнёрскія»; 10% – «нейтральныя». Толькі 0,2% апытаных заявілі, што адносіны паміж краінамі павінны быць варожымі. Столькі ж рэспандэнтаў не змаглі адказаць на гэтае пытанне.

У верасні вынікі свайго сацыялагічнага апытання агучваў кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэй Вардамацкі, і яны істотна адрозніваюцца ад расiйскіх сацыёлагаў. Паводле яго звестак, за саюз з Расiяй выступаюць 54,5% беларусаў, а 25% – за саюз з Еўропай. Яшчэ 20,5% апытаных не ведаюць, што адказаць, ці не вызначыліся з адказам на гэтае пытанне.

аз