1 снежня 50 гадоў спаўняецца прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу. З гэтае нагоды сайт tut.by апублікаваў вялікае інтэрв’ю з жонкаю прэм’ера Жаннай Румас. Сям’я выхоўвае чатырох сыноў, муж і жонка разам ужо 30 гадоў.
Жонка высокапастаўленага чыноўніка распавяла пра першае знаёмства, выхаванне дзяцей, захапленні мужа і хатнія спрэчкі. Спадарыня Жана сказала таксама пра адносіны мужа да нацыянальнай мовы.
«Яшчэ ў мінулым годзе, пасля прызначэння, Сяргей прыйшоў дадому і сказаў, што «трэба пачынаць размаўляць па-беларуску». Было нейкае мерапрыемства, і ён зразумеў, што не можа хутка і якасна падтрымаць размову. Тумблер у галаве не пераключаецца», – распавяла Жанна Румас. Цяпер яны па вечарах размаўляюць дома па-беларуску.
Яна дадала, што ў свой час стала трэцяй на раённай школьнай алімпіядзе па беларускай мове, а Сяргей Румас – першым. Жонка прэм’ер-міністра мяркуе, што ў Беларусі слаба папулярызуецца беларуская мова, а ў СМІ замала перадач па-беларуску.
нг