Суд Віцебскага раёна 12 снежня аштрафаваў журналістаў-фрылансераў Алену Шабуню і Змітра Лупача амаль на 2 тысячы рублёў паводле артыкула 22.9 КаАП. Суддзя Ганна Ігнаценка прызнала журналістаў вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ – за супрацу з замежнымі медыямі без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў, паведамляе БАЖ.
Паводле рашэння суда, Зміцер Лупач мусіць сплаціць у дзяржказну штраф у памеры 42 базавых велічынь, Алена Шабуня – 32 базавыя велічыні.
16 лістапада на тэлеканале «Белсат» быў паказаны відэасюжэт пра жыхароў вёскі Шэвіна, якія адмовіліся ісці на мінулыя парламенцкія выбары з-за даўняй і нявырашанай праблемы. Пратэст вяскоўцаў быў звязаны з тым, што ніводзін дэпутат не дапамог сталым ужо людзям дамагчыся маленькай саступкі – дазволу на праход па тэрыторыі санаторыя «Лётцы». Раней яны хадзілі па дарозе ўздоўж плота ў суседнія Малыя Лётцы, дзе ёсць крама, аптэка, пошта і чыгуначная станцыя. Цяпер праход закрылі, і вяскоўцам даводзіцца дабірацца па дарозе, якая на тры кіламетры даўжэй.
Увага журналістаў была вельмі дарэчы, сказала на судзе старэйшына вёскі Антаніна Зайцава:
– Мы куды толькі не звярталіся – і ў віцебскія газеты, і на АНТ, і ў праграму «Времечко». Карэспандэнты прыязджалі, здымалі, запісвалі, але ніводзін сюжэт пра наша гора так і не выйшаў. Адзінае выключэнне – «Белсат», і то над людзьмі, якія хацелі нам дапамагчы, зладзілі судзілішча!
ав