Беларуская Служба

Масква пагадзілася кампенсаваць Беларусі за падатковы манеўр

18.12.2019 08:04
Пры гэтым застаецца не вырашаным газавае пытанне. 
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnepixabay.com

Мінск атрымае з боку Расеі дадатковыя сродкі за падатковы манеўр. Адмыслова будзе ўведзены зваротны акцыз для беларускіх НПЗ, паведамляе Белсат, спасылаючыся на РБК.

Падатковы манеўр у Расіі прадугледжвае, што расейскім НПЗ з бюджэту краіны будуць выдзяляцца адмоўныя акцызы. Прадугледжваецца, што з 2024 году заводы атрымаюць у сярэднім каля 4 тысячаў расейскіх рублёў за адну тону нафты (каля 64 долараў ЗША). Мяркуецца, што аналагічная схема будзе працаваць і для НПЗ Беларусі. Сума, якую атрымае ў выніку Беларусь, пакуль не агучваецца. Але калі схема будзе аналагічнай расійскай, то за 24 мільёны тон нафты, якія пастаўляе ў Беларусь Расія, Менск штогод будзе дадаткова атрымліваць каля 1,5 мільярдаў долараў ЗША.

Беларусь цяпер набывае расійскую нафту па кошце каля 75 % ад сусветнага. У 2015-м Расія запусціла падатковы манеўр у нафтавай сферы: да 2024-га вывазное мыта на нафту ў Расеі знізіцца з 30 да 0%. Адначасова з гэтым будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў, што можа прывесці да павелічэння ўваходнай кошту нафты для Беларусі да фактычна сусветнага ўзроўню. Ужо сёлета ў выніку падатковага манеўру Беларусь ацэньвае свае страты на ўзроўні $ 383 млн пры кошце $ 70 за барэль. Цягам шасці гадоў агульныя страты для Беларусі могуць скласці каля $ 11 млрд.

Пры гэтым застаецца не вырашаным газавае пытанне. Існая дамова на пастаўку блакітнага паліва ў нашу краіну закончыцца ў канцы бягучага году. Мінск настойвае на роўных умовах і патрабуе, каб кошты на газ былі на ўзроўні коштаў Смаленска плюс транспартаванне. Цяпер Беларусь атрымлівае газ з Расіі за 127 долараў за тысячу кубаметраў.

эж