Беларуская Служба

У Мінску прэзентавалі мастацкі каляндар з беларускімі прыказкамі «Добрыя жарты»

19.12.2019 12:53
Ён складаецца з адмысловых малюнкаў, якія ілюструюць 13 беларускіх прыказак, адабраных з 8000 варыянтаў.
Каляндар «Добрыя жарты»naviny.by

Да Новага 2020 года Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў пры падтрымцы кампаніі А1 выпусціла мастацкі каляндар «Добрыя жарты». Ён складаецца з адмысловых малюнкаў, якія ілюструюць 13 беларускіх прыказак, адабраных з 8000 варыянтаў, пішуць naviny.by.

У распрацоўцы календара бралі ўдзел людзі з няпростым лёсам – наведвальнікі цэнтра рэабілітацыі Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа». Прэзентацыя выдання адбылася 18 снежня пры ўдзеле лідэра этна-трыа «Троіца» Івана Кірчука.

Каб падрыхтаваць каляндар «Добрыя жарты», спецыялісты Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа» разам з наведвальнікамі цэнтра прачыталі каля васьмі тысяч беларускіх прыказак, асэнсавалі іх ды абралі некалькі дзясяткаў найбольш цікавых, пасля чаго ўжо прапанавалі свае ідэі беларускай мастачцы Таццяне Быц.

«Быў бы сад, а салаўі прыляцяць», «Гаспадарку весці – не барадой трэсці», «Абы бог да добры людзі, то ўсё добра будзе» – кожны месяц у календары пачынаецца з падобнага паслання.
Мінскі клубны дом «Адкрытая душа» – праект Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў па падтрымцы людзей з псіхічнымі расстройствамі.

Каляндар не паступіць у продаж і будзе распаўсюджвацца праз Мінскі клубны дом «Адкрытая душа». Падтрымаць яго наведвальнікаў і спецыялістаў можна, аказаўшы валанцёрскую ці спонсарскую дапамогу.

ав