Дзявятага студзеня ў Мінску і іншых гарадах краіны працягваюцца суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці, якія прайшлі 7, 8, 20 і 21 снежня мінулага года.
Так у Мінску разглядаюць справы 35 чалавек, сярод якіх палітыкі, культурныя і грамадскія дзеячы, звычайныя грамадзяне, паведаміў ПЦ «Вясна 96».
За некалькі гадзі суды аштрафавалі ўдзельнікаў пратэстаў больш чым на 24 тысячы беларускіх рублёў (больш за 11500 долараў).
Вядома таксама, што адну справу адправілі на дапрацоўку. Гэта працэс палітыка і перакладніка Лявона Баршчэўскага, які праходзіў у былым памяшканні Коласаўскага ліцэю, у якім сп. Баршчэўскі выкладаў дзясяткі гадоў.
Судовы працэс над спадаром Лявонам праходзіў на беларускай мове. Палітык звярнуў увагу на памылкі, якія ўтрымліваюцца ў пратаколе, дзе было пазначана, што ў яго сярэдняя адукацыя, а не вышэйшая, як ёсць насамрэч.
Таксама Лявон Баршчэўскі заявіў, што знаходзіўся за 150 мэтраў ад Палаца Рэспублікі і ня браў удзелу ў мітынгу, а выконваў рэдакцыйнае заданне як няштатны карэспандэнт газеты «Народная воля» (адпаведныя дакументы былі далучаныя да справы). Баршчэўскі заклікаў суд спыніць супраць яго адміністрацыйны працэс
Аднак суддзя Таццяна Акавітая вырашыла адправіць справу на дапрацоўку.
юл